ТЭМА 3.12
М
АКСІМ ТАНК
ЯЎГЕН ІВАНАВІЧ СКУРКО (1912-1995)
Псеўданімы: Аўгень Бура; А. Граніт
Тэарэтычны блок
Максім Танк (Яўген Іванавіч Скурко) нарадзіўся 17 верасня 1912, в. Пількаўшчына, Вілейскага павета, Віленскай губерні, Расійскай імперыі, цяпер Мядзельскі раён – беларускі і савецкі паэт, перакладчык, грамадскі дзеяч, класік беларускай літаратуры.
М. Танк – Герой Сацыялістычнай Працы (1974), узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыйнай вайны II ступені, Дружбы народаў і медалямі, а таксама афіцэрскім крыжам Адраджэння Польшчы, ордэнамі Заслугі ПНР. Ганаровы грамадзянін Мінска (1987). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1948) за зборнік паэзіі “Каб ведалі”, Літаратурнай прэміі Янкі Купалы (1959) за зборнік “След бліскавіцы”, Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1966) за зборнік “Мой хлеб надзённы”, Ленінскай прэміі за зборнік “Нарачанскія сосны” (Масква, 1977), Літаратурнай прэміі імя А. Фадзеева (1980) за кнігу “Прайсці праз вернасць”. Атрымаў у Польшчы прэмію аўтарскага аб’яднання “ЗАІКС” (1971) за пераклады твораў польскай літаратуры і ўмацаванне дружбы паміж народамі. З 1968 народнага паэта Беларусі [5].
І
мем Максіма Танка названы Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт і вуліца ў Мінску.
Творчая спадчына класіка беларускай літаратуры заўсёды прыцягвала ўвагу даследчыкаў: Уладзімір Калеснік, Дзмітрый Бугаёў, Вячаслаў Рагойша, Уладзімір Міцкевіч, Мікола Арочка, Анатоль Верабей, Мікола Мікуліч, Алена Сузько, Святлана Калядка, Леанід Дранько-Майсюк, прысвечаныя Максіму Танку. А іх болей, чым пра каго іншага з грамадска-культурнага асяроддзя Беларусі.
Максім Танк – адно з самых яркіх імёнаў у гісторыі беларускай літаратуры – гэта паэт-бунтар, паэт-патрыёт, паэт-сатырык, паэт-філосаф, паэт-наватар. А па жыцці надзвычай сціплы чалавек, які не любіў гучных слоў і бляску пражэктараў.
7 жнiўня 1995 гoдa Maкciмa Taнкa нe cтaлa. Пaxaвaны ён нa вяcкoвыx мoгiлкax пoбaч з бaцькaмi.
Максім Танк пераклаў на беларускую мову асобныя творы А. Пушкіна, У. Маякоўскага, П. Тычыны, М. Рыльскага, А. Венцлавы, Я. Судрабкална, А. Міцкевіча, Ю. Славацкага, Ю. Тувіма, У. Бранеўскага, Р. Дабравольскага, Т. Ружэвіча, А. Германава [6].
Паэзія М. Танка трывала ўвайшла ў духоўную скарбніцу беларускага народа. Многія вершы Танка пакладзены на музыку – кампазітарамі створаны песні, рамансы, кантаты, араторыі, хоры. Не без перабольшання, самая вядомая песня – “Завушніцы” (У.Мулявін – М.Танк) у выкананні знакамітых “Песняроў”, “Аве Марыя” (В.Іваноў – М.Танк), “Любоў мая” (У.Мулявін – М.Танк) “Ты мяне любіш” (У.Мулявін – М.Танк).
Яго творчасць стала ўзорам станаўлення паэтычнай формы, наватарскіх творчых пошукаў, асабліва ў вобразнай, рытмічна-меладычнай арганізацыі паэзіі.
Практычны блок
Творы Максiма Танка, якiя ўваходзяць у дзiцячае чытаннне, вельмі разнастайныя. Першыя творы для дзяцей з’явiлiся ў 1937 годзе, але i да гэтага ў некаторых вершах паэта ўжо гучала тэма дзяцiнства.
Р
азнастайныя па тэматыцы, праблематыцы i мастацкiх асаблiвасцях творы М.Танка для дзяцей цесна звязаны з фальклорам. Паэт творча пераапрацоўваў народныя сюжэты. У сваiх казках М. Танк закранаў розныя этычныя праблемы, як у казцы “Мухамор”. У казцы высмейваецца хвалько Мухамор, якi лiчыў, што “мог бы смела быць паслом або нават i царом”. Упэўнены, што роўнага па прыгажосцi яму ў лесе няма. Аднак калi ў лес прыйшлi дзецi, усё стала на сваё месца: яны пазбiралi добрыя грыбы, а мухамор нiкому не спатрэбiўся. Казка вучыць чытачоў рэальна ацэньваць сябе i не выхваляцца перад iншымi. Пазнавальнае значэнне ў тым, што дзецi даведаюцца, якiя растуць грыбы ў беларускiм лесе.
Свет роднай прыроды паказаны ў “Казцы пра Мядзведзя”. Паэт iмкнецца выклiкаць у дзяцей гонар за сваю Бацькаўшчыну. Тут пісьменнік канкрэтызуе месца дзеяння, згадваючы нарачанскiя мясцiны i Белавежскую пушчу. У гэтай казцы багатая сiстэма вобразаў. Сярод дзеючых асоб ёсць мядзведзь, воўк, лiса, зубр, казёл, зайцы, вавёрка, варона, сарока, певень, цецерукi, дзятлы. Твор напiсаны ў традыцыях беларускiх народных казак. З гумарам асуджаецца ў казцы гультайства, прыстасавальнiцтва мядзведзя. Ён вырашыў знайсцi жонку працавiтую i з добрым пасагам, каб i надалей гультаваць і быць сытым зiмой. Мядзведзевы сваты, воўк i лiса, змаглi знайсцi выгадную нявесту працавiтую вавёрачку. Але хiтрасць у казцы пакарана. Калi мядзведзь з’еў усе вавёрчыны запасы i занудзiўся, то знайшоўся той, хто змог вылечыць яго ад ляноты i гультайства. Цыган лячыў мядзведзя брагай, паiў зеллем, салодкiм, як мёд, спаiўшы мядзведзя, прыкаваў яго да калоды i павёў яго цешыць людзей на кiрмаш. У казцы паказана, што праца здольна змянiць характар чалавека. Твор мае i пазнавальнае значэнне, дзецi даведваюцца пра норавы i звычкi лясных жыхароў (чаму вавёрачка хавае свае арэхi) [2].
У творы “Казка пра Музыку” паэт уводзiць вобраз асiлка i паказвае змаганне народа супраць несправдлiвасцi i ўцiску. Герой казкі Музыка – хлопчык сiрата, які не меў нi двара, нi гароду. Ён не прадае сваю музыку нi за якiя грошы. Яго чарадзейнае гранне абуджала i падтрымлiвала народ.
Казка “Галiнка i верабей” блiжэй да забаўлянак. У творы расказваецца пра тое, як галiнка-вярбiнка не хоча калыхаць дзяцей вераб’я i нiхто не можа прымусiць яе гэта рабiць, бо ўсе ў лесе адмаўляюцца выконваць свае абавязкi. Аднак, калi ўмешваецца чалавек, то ўсё становiцца на свае месцы: “з тых дзён без спачынку, каб кожны быў рад, калыша галiнка ўсiх птушанят”.
К
азка “Журавель i Чапля” выхоўвае ў дзяцей пачуццё сяброўства, уменне саступiць адзiн аднаму.
У казцы “Жук i Слiмак” аўтар звяртае ўвагу на няўдзячнасць жука: “забыўся пра нягоды i не на ўме жуку, што абяцаў паднесцi ён хату слiмаку”, засцерагае дзяцей ад падобнай рысы характару.
Казка “Конь i Леў” даносіць да чытача, што дабро заўсёды ўзнагароджваецца: гаспадар, хоць i выгнаў каня, але потым зноў вярнуў яго дадому.
Творы М. Танка шчодра заселены дрэвамі, травамі, кветкамі, птушкамі, свойскімі і дзікімі жывёламі, якія сваімі звычкамі і паводзінамі падобны да людзей. І хоць вобразы фаўны і флоры традыцыйныя ў дзіцячай літаратуры, але неўтаймаваная фантазія паэта ставіць іх у незвычайныя, займальныя і камічныя сітуацыі, каб найбольш ярка высвеціць адпаведныя рысы таго ці іншага персанажа.
У казцы “Сярод лясоў наднёманскіх” адлюстраваны адухоўлены, дзівосны i запамінальны свет роднай прыроды, пад уздзеяннем якога ў дзяцей фарміруецца пачуццё прыгожага. Удалае выкарыстанне вялікіх магчымасцей беларускай мовы робіць малюнкі прыроды яркімі i каларытнымі.
Г
ераiня казкi – дачушка леснiка Верачка вырасла на ўлоннi прыроды, тут ёй усё дорага. Аднак засумавала, што ўвосень ападаюць лiсты, знiкаюць матылькi, адлятаюць птушкi. Нi звяры, нi птушкi не змаглi дапамагчы Верачцы, толькi маленькi павучок здолеў ажывiць павуцiннем прыроду [8].
К
азка “Былiна пра касмічнае падарожжа мураша Бадзiні” з’явiлася водгукам на рэальныя падзеi, што адбылiся ў краiне i былi звязаны з актыўным асваеннем космасу. Дзецi, збiраючы грыбы, згубiлi газету. Лясныя жыхары не змаглi адразу прачытаць газету, толькi бусел змог прачытаць. Галоўны герой мураш Бадзiня вырашыў паляцець у космас. Ён стаў сапраўдным героем, але не заганарыўся i вельмі сціпла перажыў сваю славу.
Пазбягаючы прамой павучальнасці, аўтар паказвае, як важна быць адукаваным чалавекам і заклiкае чыточоў авалодаць граматай, без якой не абысцiся ў жыццi: лясныя жыхары не адразу змаглі прачытаць знойдзеную газету, і толькі бусел, “што гнездаваў на школе, які, чуваць, кумекаў у грамаце найболей”, змог паведаміць, “што з Байканура скора ў ракеце касманаўты адправяцца да зораў”. На прыкладзе Мураша Бадзіні ўслаўляюцца смеласць і адвага тых, хто імкнецца пазнаць нязведанае, стаць першым у любой новай справе. Мураш выявіў упартасць і настойлівасць у дасягненні вызначанай мэты: паляцеў на самалёце ў Байканур, а потым, пераадолеўшы страх, трапіў на касмічны карабель. У казцы паэтызуецца сіла розуму, якая здольна пераўтварыць бязмежную фантазію ў рэальнасць. Палёт у космас стаў не казачнай неверагоднасцю, а звычайнай справай. Аўтар звяртаецца да чытачоў, каб яны не баяліся перашкод і імкнуліся ў жыцці да акрэсленых мэт. Герою казкі дазволілі стаць “паўнапраўным касманаўтам”, і ён сумленна выканаў сваю місію – з касмічнай вышыні пабачыў Беларусь. Казка вылучаецца займальнасцю (спалучэнне фантастыкі з рэальным жыццём), мае вялікае пазнавальнае і выхаваўчае значэнне, адлюстроўвае своеасаблівую сістэму педагагічных поглядаў, якія могуць дапамагчы юнаму пакаленню знайсці адказы на пытанні пра дабро і зло, пра сяброўства і здраду, пра высокароднае і таямнічае [3].
Такім чынам, удалае спалучэнне казачна-фантастычнага з рэальным і выкарыстаннем антрапамарфізму нарадзіла твор, які мае вялікае пазнавальнае i выхаваўчае значэнне[7].
Творы паэта з’яўляюцца ўзорам жыццёвай мудрасці, народнай маралі і этыкі. У казках мастака выяўляецца своеасаблівая сістэма педагагічных поглядаў, якая можа дапамагчы юнаму пакаленню знайсці адказы на пытанні дабра і зла, пра сяброўства і здраду, пра высакароднасць і нікчэмнае.
Паэзія Максіма Танка ўражвае разнастайнасцю тэм, вобразаў, форм, творчым засваеннем нацыянальнай паэтычнай традыцыі і наватарствам. А галоўная тэма, якая праходзіць праз усю творчасць М. Танка, – Радзіма ў самых розных яе праявах: гісторыя і яе адлюстраванне ў легендах і паданнях, праца, песні, мары народа, маляўнічая прырода, мілагучная родная мова.
Творчасць Максіма Танка 30-х гадоў вызначалася маштабнасцю гiстарычнага мыслення, шырынёй духоўна-мастацкiх даляглядаў аўтара [1].
Практычныя заданні
Раскажыце (з выкарыстаннем звестак, атрыманых па школьнай праграме) пра адметнасць творчага стылю Максіма Танка.
Узгадайце вядомыя вам вершы Максіма Танка. Акрэсліце іх тэматыку і праблематыку.
Якія цікавыя факты з жыцця паэта вы можаце ўспомніць?
Растлумачце, што паўплывала на выбар псеўданіма?
Зрабіце агульны агляд жыцця Максіма Танка і яго творчасці для дашкольнікаў.
Зрабіце літаратурна-мастацкі аналіз вершаваных казак “Галінка і верабей”, “Журавель і Чапля”.
Пакажыце высокую культуру казак, мілагучнасць і вобразнасць мовы, займальнасць і павучальнасць сюжэтаў.
Складзіце канспект занятка па вершаваных казках “Конь і Леў”, “Жук і Слімак”. Зрабіце ілюстрацыі да іх.
Творчыя заданні
Арганізуйце прагляд відэафільма рэжысёра Станіслава Гайдука аб жыцці і творчасці народнага паэта Беларусі Максіма Танка. Напішыце эсэ на тэму “Мастак слова Максім Танк – сапраўдны паэт, спявак роднай Беларусі”.
Зрабіць прэзентацыю на вершаваную казку “Былiна пра касмічнае падарожжа мураша Бадзiні”.
Прааналізуйце вершаваныя казкі “Галінка і верабей”, “Журавель і Чапля”, “Конь і Леў”, “Жук і Слімак”:
а) занатуйце ўражанні ад іх у чытацкі дзённік;
б) размяркуйце казкі па розных узроставых групах дзіцячага сада; свой выбар абгрунтуйце радкамі з казак;
в) вызначце лірызм, меладычнасць, напеўнасць казачнага эпасу;
г) размяркуйце названыя творы па тэматычных групах, падмацоўваючы размеркаванне цытатамі з тэкстаў;
д) вызначце выхаваўчае значэнне казак.
Здыміце ўласны відэаролік-апытанку “Што ведаюць навучэнцы пра Максіма Танка як дзіцячага паэта? ”
Дапаможны блок
Максіма Танка натхнялі мастакі-авангардысты. “Ад бачаных мной карцін Малевіча, Кандзінскага, Шагала я нёс з сабою нейкую дзівосную музыку, надзвычайнае спалучэнне колераў і непакой пошукаў. Мне здаецца, што патрабаваць ад мастацтва, каб яно было адбіццём толькі рэчаіснасці, – вельмі мала. Тады хопіць і фатографаў”.
У 30-ыя гады класік польскага кіно хацеў здымаць па яго паэме фільм. Вядома польскі кінарэжысёр Аляксандар Форд працаваў над экранізацыяй паэмы Максіма Танка “Нарач”. Другая сусветная вайна перашкодзіла гэтай задуме здзейсніцца.
Быў вялікім прыхільнікам фільмаў жахаў, меладрамаў і баевікоў. Стужкі пра Франкенштэйна (“Нявеста Франкенштэйна”), Тарзана, карціны з Марлен Дзітрых, Пэтэрэм Лорэ (“Злачынства і пакаранне”) і Полай Нэгры – былі яго самыя любімыя: “Помню яе фільмы “Вочы муміі“ і “Кармэн“. У кіно не было дзе сесці, і я, стоячы, іх праглядзеў”.
Цаніў Язэпа Драздовіча як вялікага мастака, але скептычна ставіўся да яго паэтычных і астранамічных здольнасцяў. “…Паэма Язэпа Драздовіча “Трызна мінуўшчыны“ не можа быць мастацкім творам, бо не мае ані вобразнасці, ані арыгінальнасці, не кажучы аб заганах з тэхнічнага боку…”, “Не знаю, які з яго астраном. Мне здаецца, што ён не праз тэлескоп, а праз бутэльку глядзеў на неба”.
Быў заўзятым паляўнічым. Малодшы сын Якуба Коласа Міхась “…памог мне набыць стрэльбу “Сымсан“, калібар 16”.
Крытыкаваў Якуба Коласа за яго пасляваенныя вершы. “…Стары не хоча зразумець, што ў вершах атупела яго пяро. Пісаў бы ён прозай…”, “Не падабаюцца мне апошнія яго паэмы: слаба напісана, і за мовай і формай перастаў сачыць наш паважаны дзядзька Якуб”.
Будучы атэістам і камуністам, лічыў, што Біблію трэба ўключыць у школьную праграму. “…я вывудзіў з яе мора легенд і паданняў, шмат… лірычных тэм, метафар, параўнанняў, вобразаў. Гэтую цікавую кнігу трэба было б вывучаць у школах разам з міфамі Эгіпта, Грэцыі, Рыму…”
Не адмаўляўся ад розных кіруючых пасад, але і не радаваўся ім. “У сувязі з назначэннем мяне сакратаром Саюза пісьменнікаў, прымаю толькі спачуванні, не па майму характару работа”.
Не мог сабе дараваць, што не развітаўся з бацькам, бо ў гэты час знаходзіўся ў адной са шматлікіх творчых камандзіровак. “…Адышоў чалавек, якому я абавязаны ўсім, і нічым яму не змог дапамагчы, аддзячыць, акрамя пустой славы, што ён – бацька вядомага паэта…”
Меў цудоўны почырк, умеў падрабляць дакументы і карыстацца рознымі шрыфтамі. Калі сядзеў на Лукішках “турэмны камітэт неаднойчы даручаў яму перапісваць дакументы”. А скончыўшы Віленскую расійскую гімназію імя А. Пушкіна, паэт “унёс лёгкія каліграфічныя змены” ў свой вучнёўскі білет, які быў сапраўдны да 1 верасня 1932 года, “у выніку якіх… дата сапраўднасці падоўжылася да 1 верасня 1933 года…”
Яшчэ са сталінскіх часоў не любіў сацыялістычны рэалізм. “Я даўно сумняваюся ў тым, што можа існаваць толькі адзін метад адлюстравання жыцця – метад сацыялістычнага рэалізму. Хоць пакуль што ўсе мы гэтаму богу клянёмся ў любові і на яго алтар складаем свае ахвяры”.
Скептычна ставіўся да жаночай паэзіі. “Трэба прызнацца, нам не вельмі вязло на паэтэс. Цётка, Буйло, Арсеньнева… як бы мы іх не ўздымалі, ні ўзвялічвалі, вельмі абмежаваны тэматычны абсяг іх паэзіі, выйсці за які рэдка калі ўдавалася нават Жанне д’Арк – Ларысе Геніюш…”
Лічыў “Споведзь” Ларысы Геніюш больш значным творам, чым “Архіпелаг ГУЛАГ” Аляксандра Салжаніцына. “Чытаю „Споведзь“ Ларысы Геніюш. Гэты твор пакідае большае ўражанне, бо ўсё, пра што яна піша, перажыта ёю, а да ўсяго яшчэ – у кожным слове чуеш біццё яе няскоранага і самаахвярнага сэрца. “Споведзь“ Л. Геніюш – твор велізарнай выбуховай сілы”.
Яго лепшым сябрам быў Пімен Панчанка, якога цаніў больш чым каго са сваіх сучаснікаў-паэтаў. “Ён (Пімен Панчанка) – адзін з нямногіх, хто разбіраецца ў паэзіі”. “…такога друга, як Ты, у мяне… не было. І мне хочацца пранесці гэту дружбу праз усё жыццё, як усё самае дарагое, з чым і бяда – не бяда, і гора – не гора”.
Гласарый
Антрапамарфізм (грэч. – чалавек, выгляд, форма) – прыпадабненне чаго-небудзь да чалавека або перанос яго фізічных і інтэлектуальных уласцівасцей на жывёл, расліны, рэчы і з’явы навакольнага свету.
Араторыя (лац.: oratorium, італ.: oratorio) – буйная шматчасткавая кампазіцыя для спевакоў-салістаў (часам чытальніка), хору і сімфанічнага аркестра пераважна эпіка-драматычнага характару, прызначаная для канцэртнага выканання.
Гіпербала – троп, якім абазначаецца рэзкае перабольшанне якіх-небудзь уласцівасцей чалавека, прадмета або з’явы з мэтай звярнуць увагу на гэтыя ўласцівасці і выявіць стаўленне пісьменніка да іх.
Кантата (італ. cantata, лац. саntare-спяваць) – вакальна-інструментальны твор для салістаў, хору і аркестра.
Наватарства – гэта пошук новых шляхоў у развіцці літаратуры, які выклікае значныя змены ў літаратурных традыцыях. Пісьменнікі-наватары ўмеюць нетрадыцыйна глядзець на навакольнае рэчаіснасць, бачыць тыя канфлікты і з’явы, якія раней нікім не заўважаліся.
Эпас – (народны, гераічны) (грэч. слова, аповед) – фальклорныя творы героіка-легендарнага зместу, што адлюстроўваюць важныя для народа гістарычныя падзеі або цікавыя выдуманыя сітуацыі.
Літаратура
Арочка, М. Танк: жыццё ў паэзіі / М. Арочка. Мінск, 1981.
Беларуская дзіцячая літаратура : вучэб. дапам. / А.М. Макарэвіч [і інш.] ; пад агульн. рэд. А.М. Макарэвіча, М.Б.Яфімавай. – Мінск: Выш.ш., 2008.
Беларуская дзіцячая літаратура : вучэбны дапаможнік / А. М. Макарэвіч [і інш.]; пад агульн. рэд. А. М. Макарэвіча. – Мінск : РІПА, 2016.
Бугаеў, Д. Паэзія Максіма Танка / Дзмітрый Бугаеў. – 2-е выд., выпраўленае і дапоўненае. – Мінск : Беларуская навука, 2003. – 311 с.
Гарэлік, Л. Літаратурны партрэт М. Танка / Л. Гарэлік // Роднае слова. 1992. № 9. С. 25–35.
Калеснік, У. М. Танк: нарыс жыцця і творчасці / У. Калеснік. Мінск, 1991.
Макарэвіч, А.М. Беларуская дзіцячая літаратура ў тэрмінах і паняццях: дапаможнік / А.М. Макарэвіч, В.І. Караткевіч; пад агульн. рэд. А.М. Макарэвіча. Магілёў, 2014.
Танк, М. Блікі сонца / М. Танк. Мінск, 1997.