КлеянковаАлена Мікалаеўна,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Капачоўскі ВПК ДС –СШ”
Тэма. Песняры беларускай зямлі.
Мэта: знаёмства з жыццёвым і творчым шляхам Я.Купалы і Я.Коласа.
Задачы: садзейнічаць выхаванню любові да мастацкага слова, беларускай літаратуры; развіваць цікавасць да вывучэння роднай мовы,
Абсталяванне: партрэты Я.Коласа, Я. Купалы; кнігі твораў паэтаў, мультымедыйная прэзентацыя
Ход мерапрыемства
- Добры дзень, паважаныя госці! Сёння мы прапануем вам адправіцца ў літаратурнае падарожжа. Называецца яно “Песняры зямлі беларускай” (Слайд 1). Дзеці, а вы ведаеце, каго называюць песняром?
Пясняр – так кажуць пра народнага паэта, вершы якога перакладаюцца на музыку, становяцца песнямі.
Сёння мы ў час нашага бліжэй пазнаёмімся з жыццёвым і творчым шляхам двух вядомых пісьменнікаў Беларусі, сапраўдных сыноў сваёй Айчыны …. А хто гэта вы даведаецеся, калі разгадаеце рэбусы:
Слайды 2-5




(Адказы дзяцей)
- Малайцы! Сапраўды , сёння мы будзем размаўляць пра Янку Купалу і Якуба Коласа. Сядайце зручней, бо наша падарожжа пачынаецца. Падчас нашага мерапрыемства самым актыўным і ўважлівым гледачам будуць уручаны медалі.
Першая старонка “Жыццёвы шлях Янкі Купалы”
Слайд 7
Іван Дамінікавіч Луцэвіч — такое сапраўднае імя Янкі Купалы. Ён нарадзіўся 7 ліпеня 1882 года ў фальварку Вязынка ў сям'і арандатара. Арандатар — гэта чалавек, які бярэ зямлю ў карыстанне за пэўную плату (у арэнду), працуе на ёй, абрабляе, але гэта зямля не з'яўляецца яго ўласнасцю.
Штогод у ноч з 6 на 7 ліпеня адзначаецца свята Купалле. Супадзенне свята і дня нараджэння Івана Дамінікавіча Луцэвіча і зрабілася падставай для ўзнікнення псеўданіма паэта. Якого? (Іван Купала)
У сямігадовым узросце Янка пайшоў у школу. 3 задавальненнем і вялікім жаданнем вучыўся ён у народным вучылішчы, у прыватнай пачатковай школе, у вандроўных настаўнікаў. У хлопчыка была вялікая прага да ведаў.
Янка Купала з дзяцінства любіў музыку. Хлопчык марыў пра скрыпку. Доўга прасіў ён бацьку, пакуль той, нарэшце, не прывёз доўгачаканы падарунак. Іграць па-сапраўднаму, па нотах, Ясь не паспеў навучыцца, бо дзяцінства вясковага хлопчыка кароткае, але з вялікім пачуццём падбіраў па слыху блізкія яго сэрцу народныя мелодыі.
Аднойчы Ясь прынёс дадому нейкі скрутак. Пакуль ён распакоўваў яго, сястрычкі стаялі як зачараваныя. Ён дастаў інструмент, падобны на флейту. Ясь цэлы дзень іграў. Настаў вечар, а ён усё іграў. Патушылі лямпу, усе леглі спаць, а ён хадзіў паціху і іграў...
Янка Купала рос у мясцінах, спакон веку багатых на песні і казкі. Яго акружалі людзі нялёгкага лёсу, цярплівыя і працавітыя. Парабкі, казачнікі і музыканты абуджалі ў хлопчыка любоў да народнай творчасці да эпасу і паэзіі, музыкі і спеваў, вучылі адчуваць і разумець прыгожае.
Пасля заканчэння народнага вучылішча будучы паэт пачаў працаваць. Быў ён і хатнім настаўнікам, і перапісчыкам у судовага следчага ў мястэчку Радашковічы, і малодшым прыказчыкам у маёнтку памешчыка, і бібліятэкарам у прыватнай бібліятэцы ў Вільні.
15 мая 1905 года у газеце "Северо-Западный край" з’явіўся першы верш Янкі Купалы "Мужык". 3 гэтага часу яго творы пачалі друкавацца ў розных беларускамоўных газетах і часопісах. У 1908 годзе выйшаў першы зборнік яго вершаў "Жалейка", затым з'явіліся і іншыя зборнікі.
У 1921 годзе Янка Купала стаў адным з заснавальнікаў Інстытута беларускай культуры. Купалу было прысвоена званне народнага паэта Беларусі.
Паэт трагічна загінуў у 1942 годзе. [1], [2]
Другая старонка “ Жыццёвы шлях Якуба Коласа”
Слайд 8
Якуб Колас — гэта псеўданім паэта. Яго сапраўднае імя — Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч. Нарадзіўся ён 3 лістапада 1882 года у засценку Акінчыцы (недалёка ад Стоўбцаў) Мінскай вобласці ў сям'і лесніка, які служыў у князя Радзівіла.
Дзіцячыя гады прайшлі ў лесніковыхсядзібах Ласток і Альбуць, недалёка ад вёскі Мікалаеўшчына.
Калыскай паэзіі Коласа было ГІанямонне. У гэтым маляўнічым краі прайшлі маленства і юнацтва паэта. Тут упершыню адчуў ён гора народа, тут нарадзілася любоў да роднай зямлі.
Рана абудзілася ў хлопчыка цікавасць да кнігі. Пачатковую грамату ён набываў дома з дапамогай "дарэктара" — вясковага хлопца, які сам меў не надта багатыя веды. Пасля два гады вучыўся ў народнай школе вёскі Мікалаеўшчына. Школа і кнігі прыносілі Кастусю шмат радасці. ГІазней Канстанцін Міхайлавіч скончыў настаўніцкую семінарыю, бо з дзяцінства марыў быць настаўнікам.
Пісаць вершы пачаў у дванаццацігадовым узросце. Калі Кастусь адзін са сваіх першых вершаў "Вясна" прачытаў бацьку, той сказаў: "Добра", пацалаваў сына і даў яму рубель.
Колас любіў паэзію моцна і шчыра, усе вольныя хвіліны алдаваў лі- таратурнай працы. У 20 — 30-я гады XX стагоддзя Якуб Колас напісаў самыя значныя свае творы: паэмы "Новая зямля" і "Сымон-музыка". Пазней у яго з'явіліся аповесці, шматлікія апавяданні і вершы.
Народны паэт Беларусі, заслужаны дзеяч навукі БССР Якуб Колас памёр у 1956 годзе. [3]
- На вашу думку, чым падобнае дзяцінства пісьменнікаў? (Адказы дзяцей)
Трэцяя старонка “ Творчы шлях Янкі Купалы”
Слайд 9
- А хто з вас, дзеці ведае, пра што пісаў у сваіх вершах Янка Купала? (Адказы дзяцей). А зараз праслухайце вершы гэтага цудоўнага пісьменніка і адкажыце, калі ласка, на пытанне:” Пра што пісаў Янка Купала ў сваіх творах?”
Слайд 10
Лета
Лета ты, лета прыгожа-квяцістае,
Колькі ты ўносіш аздобы з сабой!
Цягнуцца стройна шнуры каласістыя,
Пахне павабна трава над ракой.
Гнуцца на лузе касцы немарудныя,
Дзе-нідзе ў постаці серп заскакаў;
Песня пачулася наская, нудная, —
Рэха панеслася — бор адказаў.
Шум пакаціўся ад лесу адзетага;
Сонца купаецца ў полыску рос;
Эх! каб, здаецца, ды шчасце да гэтага!
Эх, каб, здаецца, менш гора і слёз!..
Слайд 11
Жняя
Як сама царыца
Ў залатой кароне,
Йдзе яна ў вяночку
Паміж спелых гоняў.
З каласкоў вяночак –
Моладасці сведка –
На ёй зіхаціцца,
Як у садзе кветка.
На грудзях шчаслівых
Каптанок ружовы,
У руцэ сярпочак
Зублены, сталёвы.
Вецер абнімае
Стан яе дзявочы,
Сонца ёй цалуе
Шыю, твар і вочы.
Каласкі хінуцца
Перад ёй паклонна,
Дзівіцца ігруша
На мяжы зялёнай.
А яна – царыца –
Весела, шчасліва
Карануе песняй
Залатое жніва.
Смела йдзе у сонцы
Ўся сама – як сонца,
Гэта жнейка наша
Ў нашаей старонцы.
Слайд 12
Роднае слова
Магутнае слова, ты, роднае слова!
Са мной ты на яве і ў сне;
Душу мне затрэсла пагудкаю новай,
Ты песень наўчыла мяне.
Бяссмертнае слова, ты, роднае слова!
Ты крыўды, няпраўды змагло;
Хоць гналі цябе, накладалі аковы,
Дый дарма: жывеш як жыло!
Свабоднае слова, ты, роднае слова!
Зайграй ты смялей, весялей!
Хоць гадзіны сыкаюць, кружацца совы,
Жывеш ты на хвалу людзей.
Загнанае слова, ты, роднае слова!
Грымі ж над радзімай зямлёй:
Што родная мова, хоць бедная мова,
Мілей найбагатшай чужой!
Бацькаўшчына
З зямлёй і небам звязывае мяне ніць —
Неразарваная век вечна павуціна:
Зямля мяне галубіць, як вернага сына,
А сонца мне душу не кідае туліць,
Яшчэ ў калысцы я наўчыўся з песень сніць
Аб гэтых блізкіх мне, а цесных так мясцінах:
Што роднай нівы я мільённая часціна,
Што зоркі роднай ў сэрцы мне іскрынка тліць.
Так Бацькаўшчыну я здабыў сабе без злосці,
Узрос з яе й чужых з яе не скінуў косці,
Грудзьмі тулюсь к ёй, як да матчыных грудзей.
I калі здзекуецца нада мною хтосьці —
Над Бацькаўшчынай здзекваецца ён маей,
Калі ж над ёй — мяне тым крыўдзіць найцяжэй. [4]
- Чаму былі прысвечаны вершы Янкі Купалы? (Адказы дзяцей)
Чацвёртая старонка “ Творчы шлях Якуба Коласа”
Слайд 13
- Мы з вамі выявілі, што ў сваіх вершах Янка Купала пісаў пра Радзіму, беларускі народ, прыроду, родную мову. А пра што ж пісаў у сваіх вершах Якуб Колас? (Адказы дзяцей). А зараз праслухайце яго вершы і адкажыце, калі ласка, на пытанне:” Пра што пісаў Якуб Колас ў сваіх творах?”
Слайд 14
О край родны, край прыгожы…
О, край родны, край прыгожы!
Мілы кут маіх дзядоў!
Што мілей у свеце божым
Гэтых светлых берагоў,
Дае бруяцца срэбрам рэчкі,
Дзе бары-лясы гудуць,
Дзе мядамі пахнуць грэчкі,
Нівы гутаркі вядуць;
Гэтых гмахаў безгранічных
Балатоў тваіх, азёр,
Дзе пад гоман хваль крынічных
Думкі думае прастор;
Дзе увосень плачуць лозы,
Дзе вясной лугі цвітуць,
Дзе шляхом старым бярозы
Адзначаюць гожа пуць?
Слайд 15
Восень
Пуста ў лузе. Толькі стогі
Парыжэўшыя стаяць,
Ды шпакі каля дарогі
Цэлы дзень адно крычаць.
Грэчка зжата. Гола ў полі.
Жыта звезена даўно.
Толькі плаваюць на волі
Кучы хмар, як валакно.
Дожджык сее беспрастанку;
Вецер свішча так, як звер...
Колькі лужын каля ганку!
А гразі, гразі цяпер!
Ссохлі травы, ўсё павяла.
Слоць, плюхота, холад, цьма.
Эх, скарэй бы закрывала
Зямлю чорную зіма!
Слайд 16
Беларусам
Ўстаньце, хлопцы, ўстаньце, браткі!
Ўстань ты, наша старана!
Ўжо глядзіць к нам на палаткі
Жыцця новага вясна.
Ці ж мы, хлопцы, рук не маем?
Ці ж нам сілы бог не даў?
Ці ж над родным нашым краем
Промень волі не блішчаў?
Выйдзем разам да работы,
Дружна станем, як сцяна,
I прачнецца ад дрымоты
З намі наша старана! [5]
- Пра што пісаў у сваіх вершах Якуб Колас?
- Што ж аб’ядноўвае тэматыку твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа?
Пятая старонка “ Творы Янкі Купалы і Якуба Коласа для дзяцей”
Слайд 17
- А зараз я хачу паглядзець, ці ведаеце вы творы, якія для вас напісалі Янка Купала і Якуб Колас? Калі вы правільна адгадаеце мае загадкі, то без цяжкасцей зможаце пазнаць не толькі герояў твора, але і адказаць як ён называецца.
Слайд 18
Гудзе, як пчала,
Ляціць, як страла,
Крыламі не махае.
Хто адгадае? (Самалёт)
(Падказкі з’яўляюцца на слайдзе)
Я. Купала “Хлопчык і лётчык”
Слайд 19
Што за звер са мной гуляе,
Не мычыць і не лятае.
Нападае на клубкі,
Хавае ў лапках кіпцюры. (Кот)
Я.Колас “Савось – распуснік”
Слайд 20
Паўзе наадварот,
Задам наперад,
Усё пад вадой
Хапае клюшней. (Рак)
Якуб Колас “Рак – вусач”
Слайд 21
Вось ідзе нейкі дзед,
а ў руках яго букет:
Не з лісця і кветак –
з ледзяшоў і снежак.
Я.Купала “Мароз”
Слайд 22
Бегла – шумела,
Заснула – заблішчэла. (Рака)
Усё лета стаялі,
Зімы чакалі.
Дачакаліся пары -
Паімчаліся з гары. (Санкі)
Я. Колас “На рэчцы зімою”
Слайд 23
Бяз рук, а малюе,
Бяз ног, а кусае. (Мароз)
Я.Колас “Дзед – госць” [6], [7]
Шостая старонка “ Музычная”
Слайд 24
Паэзія Купалы і Коласа закранула многіх беларускіх кампазітараў. ГІаводле іх твораў напісаны оперы, балет, музычныя вадэвіль, некалькі сімфанічных твораў, мноства рамансаў, песень і хароў.
Музыка беларускай мовы ў вершах Купалы і Коласа гучыць так звонка, сва- бодна і вобразна, шго з першых жа радкоў адчуваеш сябе ў акружэнні на- родных песняроў, дудароў, цымбалістаў і скрыпачоў з іх песнямі аб нашаій Радзіме, яе мінулым, сучасным і будучым...
- Праслухайце ўрыўкі з песень Я.Купалы і Я. Коласа і назавіце вершы, якія былі выкарыстаны для напісання песень.
Слайд 25-28
- Вось і заканчваецца наша літаратурнае падарожжа . З творчасцю якіх пісьменнікаў мы сёння знаёміліся? Пра што пісалі ў сваіх творах Янка Купала і Якуб Колас? Я спадзяюся, што вы яшчэ не раз звернецеся да творчасці гэтых цудоўных пісьменнікаў.
Вялікі дзякуй за ўвагу!
Спіс выкарыстаных крыніц
1. Янка Купала. [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу:
https: // be. wikipedia.org / wiki /. - Дата доступу: 17.11.2017
2. Янка Купала. [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу:
http: // karotkizmest.by/. - Дата доступу : 17. 11.2017
3. Якуб Колас. [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу:
http: // content.nlb.by / content / dav / nlb / portal / content / File / Portal / Vystavki / Kolas / html / biogr.htm. - Дата доступу : 17. 11.2017
4. Янка Купала. Вершы. [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу:
http: // yankakupala.ru / category / vershy. - Дата доступу : 17. 11.2017
5. Якуб Колас. Вершы. [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу:
http: // yakubkolas.ru / category / kolas-u-vershakh. - Дата доступу : 17. 11.2017
6. Беларускія загадкі. [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу:
http: // belzag.blogspot.com/2012/11 / blog-post_18.html. - Дата доступу : 19.11.2017
7. Займальны і дыдактычны матэрыял. Тэма “Загадкі”. [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http: //dobri-nastavnik.ru / pachatkova-shkola / litaraturnae-chytanne/zajmalny-i-dydaktychny-materyyal-tema-zagadki.html. - Дата доступу : 19.11.2017