СДЕЛАЙТЕ СВОИ УРОКИ ЕЩЁ ЭФФЕКТИВНЕЕ, А ЖИЗНЬ СВОБОДНЕЕ
Благодаря готовым учебным материалам для работы в классе и дистанционно
Скидки до 50 % на комплекты
только до
Готовые ключевые этапы урока всегда будут у вас под рукой
Организационный момент
Проверка знаний
Объяснение материала
Закрепление изученного
Итоги урока
Сістэмнае выкарыстанне элементаў тэатралізацыі і інсцэніроўкі на ўроках беларускай літаратуры і ў пазаўрочнай дзейнасці садзейнічае развіццю творчых здольнасцей навучэнцаў.
Я лічу, што галоўнае для выкладчыка – гэта не толькі захапіць навучэнцаў творчай дзейнасцю, але і паказаць яе значнасць, надаць упэўненасць у сваіх сілах, уключыць іх у практычны творчы працэс.Таму вядучую ідэю сваёй педагагічнай дзейнасці бачу ў стварэнні ўмоў для развіцця і ўдасканалення творчага патэнцыялу навучэнцаў ва ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці.
Працуючы шмат гадоў у сельскагаспадарчым ліцэі, я прыйшла да высновы, што развіццю творчых здольнасцей навучэнцаў значна садзейнічае выкарыстанне элементаў тэатралізацыі і інсцэніроўкі на ўроках беларускай літаратуры і ў пазаўрочнай дзейнасці.
Тэатралізацыя – гэта своеасаблівая гульнёвая сітуацыя, у якой навучэнец можа раскрыць творчы патэнцыял, уступіць у моўныя зносіны з таварышамі не па загаду выкладчыка, а дзеля сваёй зацікаўленасці.
У сваёй працы я выкарыстоўваю розныя прыёмы тэатралізацыі: чытанне па ролях, персаніфікацыя, інсцэніроўка ўрыўка твора, састаўленне маналогаў і дыялогаў па тэме і іх інсцэніроўка, вядзенне рэпартажу, інтэрв’ю і інш.
У навучанні тэатралізацыі звычайна вылучаю наступныя этапы:
На ўроках з выкарыстаннем элементаў тэатралізацыі не стаўлю мэту вырасціць артыста для вялікай сцэны, а развіць у падлеткаў творчыя здольнасці, садзейнічаць развіццю эстэтычнага ўспрымання рэчаіснасці.
Сваю дзейнасць па апрабіраванні названых метадаў я пачынала паступова, паколькі і мне, і навучэнцам неабходна было набыць пэўны вопыт. Для гэтага азнаёмілася з літаратурай, падрыхтавала прыкладны план выкарыстання метадаў. Спачатку распланавала і правяла некалькі вучэбных заняткаў з элементамі тэатралізацыі, выкарыстоўваючы простыя прыёмы: чытанне па ролях і персаніфікацыю.
Напрыклад, прыём чытанне па ролях прымяняецца на ўроках літаратуры пры вывучэнні тэмы “П’еса А.Дударава “Князь Вітаўт”, “А.Макаёнак “Зацюканы апостал” і “Камедыя К.Крапівы “Хто смяецца апошнім”. Гэта найбольш вядомы прыём тэатралізацыі, пры якім развіваецца ўменне выразна чытаць.
Пры персаніфікацыі навучэнец выконвае ролю персанажа, які сапраўды існаваў, каб больш рэальна ўявіць гістарычны час, эпоху, і тым самым дапамагае весці ўрок. Гэты прыём карысны пры вывучэнні твораў вялікай будовы і прымяняецца, напрыклад, для характарыстыкі вобраза К.Каліноўскага ў рамане “Каласы пад сярпом тваім” і вобраза А.П.Гарлахвацкага з камедыі К.Крапівы “Хто смяецца апошнім”.
Састаўленне маналогаў і дыялогаў па тэме і іх інсцэніроўка дапамагаюць развіваць вусную і пісьмовую мову, творчыя здольнасці і ўменне трымацца на сцэне. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Характарыстыка вобразаў аповесці “Сотнікаў” В.Быкава” навучэнцы выконваюць заданне - састаўленне і інсцэніроўка дыялога Сотнікава і Рыбака ў нямецкім палоне.
Для падрыхтоўкі рэпартажаў, інтэрв’ю трэба пераўвасобіцца ў журналіста, рэжысёра. Гэты прыём з’яўляецца эфектыўным пры знаёмстве з біяграфіяй пісьменніка. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Жыццёвы і творчы шлях Івана Мележа” навучэнцы атрымліваюць заданне ўзяць інтэрв’ю ў І.Мележа, а пры вывучэнні тэмы “Жыццёвы і творчы шлях Васіля Быкава” – стварыць рэпартаж пра франтавыя дарогі В.Быкава. Сучасныя тэхналогіі дапамагаюць навучэнцам пераўтварыцца і ў журналіста, і ў аператара, і ў пастаноўшчыка, звычайна яны з задавальненнем здымаюць відэасюжэты рэпартажаў, інтэрв’ю. Пасля прагляду самі робяць аналіз зробленага і шукаюць шляхі выпраўлення памылак. Так нават і слабапаспяваючы навучэнец можа зацікавіцца і адчуць задавальненне ад сваёй работы.
Для ажыццяўлення кантролю за ходам працэсу навучання планую і распрацоўваю змест і ход заняткаў: вызначаю хранаметраж, ролю ўдзельнікаў, рыхтую пытанні і магчымыя адказы, сцэнарыі; выпрацоўваю крытэрыі эфектыўнасці ўрока, пры гэтым прадугледжваю розныя прыёмы для прыцягнення і актывізацыі ўвагі навучэнцаў, уцягнення іх у работу.
Пры падрыхтоўцы да ўрока ці пазаўрочнага мерапрыемства ўлічваю ўзроставыя асаблівасці навучэнцаў, іх вопыт, здольнасці, часта ў некаторых вучэбных групах даю заданні для папярэдняй падрыхтоўкі.
Таксама творчыя здольнасці падлеткаў праяўляюцца пры выкананні дамашняга задання. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Вобразы паліцаяў у аповесці В.Быкава “Знак бяды” навучэнцы састаўляюць сінквейны са словамі Гуж, Каландзёнак, Недасека (Дадатак 1). Пры вывучэнні тэмы “Раман у вершах “Родныя дзеці” навучэнцы атрымліваюць дамашняе заданне “Накрыць стол” – выбраць назвы страў з твора Ніла Гілевіча. Такое заданне часцей выкарыстоўваю ў групах па прафесіі “Повар”. Пры вывучэнні тэмы “Жыццёвы і творчы шлях В.Быкава” неабходна напісаць ліст маці пісьменніка Ганне Рыгораўне. Пры вывучэнні тэмы “Вобразы Васіля і Ганны ў рамане “Людзі на балоце” навучэнцам прапаную скласці акраверш са словам “каханне” або закончыць фразу “Каханне – гэта…”
У маёй метадычнай скарбонцы – распрацоўкі выхаваўчых і інфармацыйных гадзін, пазаўрочных мерапрыемстваў, урокаў з элементамі інсцэніроўкі, якія садзейнічаюць развіццю творчых здольнасцей, кемлівасці, артыстызму; выпрацоўваюць уменне фармуляваць і выказваць свае думкі.
Напрыклад, пазаўрочнае мерапрыемстваў форме КВіЗ “Любі, шануй, ведай роднае слова!”; урок па тэме “Вобразы Васіля Дзятла і Ганны Чарнушкі ў рамане Івана Мележа “Людзі на балоце” з элементамі інсцэніроўкі размовы Ганны і Васіля; урок беларускай літаратуры па тэме “Раман І. П. Шамякіна “Сэрца на далоні” з элементамі інсцэніроўкі размовы Антона Яраша з жонкай Галінай Адамаўнай (Дадатак 2); урок па беларускай літаратуры па тэме “Праблема кахання ў рамане І.Мележа “Людзі на балоце” з элементамі інсцэніроўкі “Заручыны Ганны Чарнушкі”; пазаўрочныя мерапрыемствы прафесійнай накіраванасці у групах па спецыяльнасці “Повар”, “Кандытар”, “Афіцыянт”, конкурсы прафесійнага майстэрства “Лепшы па прафесіі”; дыдактычны матэрыял прафесіянальнай накіраванасці. (Дадатак 3)
На такіх уроках і мерапрыемствах навучэнцы павінны не толькі выразна данесці матэрыял для слухачоў, а выбраць пэўную ролю, якая падыходзіць канкрэтнаму чалавеку. Пры гэтым не пакрыўдзіць адзін аднаго і працаваць разам.
Мой вопыт працы ў ліцэі паказвае, што найбольш удалым відам творчасці навучэнцаў з’яўляецца тэатральна-сцэнічная дзейнасць.Падлеткі з радасцю ўдзельнічаюць у інсцэніроўках, іграюць свае ролі шчыра, ад усёй душы, як сапраўдныя артысты. Трэба адзначыць, што навучэнцы часта актыўна прымаюць удзел у пазаўрочных мерапрыемствах не дзеля адзнакі, а з-за жадання пазнаць цікавае, невядомае, раскрыць свае артыстычныя здольнасці.
У форме тэатральных прадстаўленняў праводзяцца многія святы і беларускія абрады. Гэты від дзейнасці патрабуе ўмення трымацца на сцэне, імправізацыі і добрага ведання беларускай мовы.
Напрыклад, на працягу апошніх гадоў у ліцэі былі праведзены:
- тэатралізаваная інсцэніроўка прафесіянальнай накіраванасці “Беларускія прысмакі. Калдуны”, актыўны ўдзел у якой прынялі навучэнцы групы па прафесіі “Повар”;
- літаратурна-музычная кампазіцыя “Слаўныя сыны Беларусі”, прысвечаная 135-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Якуба Коласа і Янкі Купалы;
- літаратурна-музычная кампазіцыя “Палеская ластаўка”, прысвечаная 70-годдзю з дня нараджэння Яўгеніі Янішчыц (пры вывучэнні тэмы “Літаратурная Піншчына”);
- літаратурна-музычная кампазіцыя “Чарнобыль – боль, які спальвае сэрца” да дня памяці ахвяр Чарнобыльскай АЭС (пры вывучэнні тэмы “Чарнобыль у творах беларускіх пісьменнікаў”);
- першы ўрок “Мне выпала шчасце тут нарадзіцца”(1 верасня 2018 г.);
- прэзентацыя відэароліка “Ліцэісты за энергазберажэнне”;
- вечар гумару “Смяяцца не грэх”(пры вывучэнні творчасці К.Крапівы);
- урачыстае святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы – 21 лютага, які ўключае пазаўрочнае мерапрыемства “Гімн роднай мове” і інш.
Не сакрэт, што поспех – самы лепшы выхавацель, бо ён дае галоўнае: упэўненасць у сваіх сілах і ў самім сабе. Навучэнец, які пайшоў з урока ці з пазаўрочнага мерапрыемства з гонарам за сябе, будзе зноў і зноў чакаць наступнага моманту, каб яшчэ раз перажыць перамогу над сабою. А зрабіць такую ўпэўненасць дапамагае тэатральная дзейнасць.
Зразумела, класічны камбінаваны ўрок у навучанні быў, ёсць і будзе, але без нетрадыцыйных формаў яго не абысціся. Менавіта яны і падтрымліваюць цікавасць сучасных дзяцей да прадметаў, павышаюць матывацыю да іх вывучэння. Заняткі з выкарыстаннем элементаў тэатралізацыі і інсцэніроўкі заўсёды цікавыя і разнастайныя, канечне, імі нельга падмяніць увесь вучэбны працэс, але зрабіць яго больш эфектыўным магчыма.
© 2019, Факадей Татьяна Семеновна 583