“Мой родны кут, як ты мне мiлы…”
Бацькаўшчына, родны кут… Беларусь!..
Прыгожыя, шчырыя словы, якiя глыбока западаюць у душу, абуджаюць хвалюючыя ўспамiны. У кожнага з нас яны свае, адзiныя, непаўторныя. У мяне таксама. Я думаю, што Бацькаўшчынай мы завем Беларусь таму, што ў ёй нарадзiлiся мы, маладое пакаленне, гаворым на роднай мове. Завем Беларусь яшчэ i мацi. Думаецца, таму, што яна, як мацi, кормiць нас сваiм хлебам, поiць сваiмi водамi, як мацi, беражэ нас. I за ўсiм гэтым стаiць яшчэ адно паняцце роднай Беларусi. Яна – родны кут, такi мiлы i дарагi кожнаму з нас.
За што ж люблю я свой родны край, мой мiлы i адзiны родны кут? За шырокiя палi i магутныя дубровы, блакiтныя рэкi i азёра, росныя сенажацi. За цудоўныя краявiды Вiцебшчыны, дзе цячэ блакiтная Дзвiна, Гомельшчыны, дзе спакойна i павольна, як у зачараваным сне, нясе свае воды Прыпяць, дзе пятляе мiж палёў Сож-прыгажун, Гродзеншчыны, дзе радуе вока, набiраючыся сiлы, старажытны Нёман, Магiлёўшчыны з яе iмклiвай Беразiной. А ёсць яшчэ у маiм родным краi:
Нарачанскiя хвалi ciнiя
I бярозавы пiнскi гай…
Гэта усё мы завеем Айчынаю,
Гэта усё Беларусь мой край.
Але не толькi за прыгажосць, за цудоўную i цiкавую “кнiгу прыроды” люблю я свой родны кут. Люблю за тое, што гэта край гасцiннага i працавiтага народа, вядомага ўсяму свету сваёй ахвярнасцю, мужнасцю, працавiтасцю. Гэта край, дзе “махляроў i лайдакоў не любяць, дзе пазнаюць сваiх па моцы рук”.
Люблю свой родны кут яшчэ i за тое, што ён мае слаўную гiсторыю, мае свае знакамiтыя мясцiны, сыной, якiмi ва ўсе часы ганарыўся i ганарыцца. Са старажыных часоў мой родны кут быў зямлёю славян. Тут была слаўная Полацкая Русь, Турава-Пiнскае княства, землi крывiчоў i радзiмiчаў. Памяць маёй зямлi i сёння у старадаўнiх гарадзiшчах, у курганах, пад якiмi спяць абаронцы зямлi беларускай. Многа давялося чуць, бачыць хвалям дзiвiнскiм. У iх гаворцы – спеў весляроў гандлёвых суднаў на шляху “з варагаў у грэкi ”.
Ёсць на маёй зямлi горад Навагрудак, якi мае слаўную гiсторыю. Як нямые сведкi гэтай гiсторыi ўзвышаюцца над iм дзве разбураныя вежы ад калiшняга магутнага замка. Сцежкамi гэтага горада хадзiў некалi Адам Мiцкевiч, на беразе возера Свiцязь зараджалася яго першае каханне, на фоне велiчных краявiдаў роднага краю пiсаў ён свае выдатныя творы.
А яшчэ у гушчары старых бароў i сёння блiшчыць вялiкае возера Нарач. Легенды пра яго чароўнасць (я пераканалася у гэтым сама, адпачываючы на Нарачы), пра тое, што адбывалася на яго берагах, i сёння iдуць ад вёскi да вёскi.
Сваё хараство i ў Белавежскай пушчы. З сiвой, глыбокай старажытнасцi iдзе яе гiсторыя. Цяпер гэта дзяржаўны запаведнiк, памятная для кожнага з нас мясцiна Беларусi.
Ёсць на поўднi майго краю старажытны i велiчны горад Гомель. Ён – мой родны кут. Тут я нарадзiлася, вучуся, тут спазнала велiч такiх слоў, як Бацькаўшчына, родны кут, Радзiма. Для мяне Гомель – гэта i жытнёвае поле наўкола горада, i шаўковы мурог, i “дымная, сцюдзёная раса”, “бярозак белая сям’я”, “песня жнiўная, мох зязюльчын, гняздо курапатчына”. Я зачаравана прыгажосцю сваёй малой радзiмы, роднай Гомельшчыны.
Мой родны кут для мяне – гэта i матчына песня, i родная мова, i жытнёвы пах хлеба, i крынiцы з чыстаю вадою:
Сама не знаю, дзе я апынуся,
Якi яшчэ спазнаю кут.
Ды у родны кут прыйду,
I тут, на поўднi Беларусi, скажу:
“Радзiма пачалася тут”.
Гэта маё прызнанне у любвi да свайго роднага куточка, да роднага Гомеля, старажытнага славянскага горада. Люблю свой горад за яго прыгажосць. У iм так многа зеленi, кветак. Некалькi вулiц майго роднага горада ўпрыгожваюць пышныя каштанавыя алеi. А знакамiты ўсяму свету палац Паскевiча , старажытны парк, у якiм месцiцца краязнаўчы музей? Тут некалi працаваў мой прадзед, якi даносiў да наведвальнiкаў слаўнае мiнулае Гомельшчыны, вучыў людзей любiць свой родны кут. Ён, мой продак, не знiк бясследна. Ён перадаў усё гэта нам, сваiм нашчадкам. Перадаў помнiкi дойлiдства i жывапiсу, рукапiсы i старадаўнiя кнiгi, народныя песнi i казкi.
Я разважаю аб сённяшнiм днi майго роднага краю, аб яго будучынi, а перад вачыма паўстае яго мужная i гераiчная старонка барацьбы з фашызмам:
У свеце знаюць смутак Лiдзiцэ
I Арадур у горкай скрусе.
А партызанскай першай лiчыцца
Зямля бясстрашнай Беларусi.
I найперш маёй роднай Гомельшчыны.
Некалькi дзён таму назад мой родны Гомель адзначыў шэсцьдзесят першую гадавiну свайго вызвалення ад ворага. А праз некалькi месяцаў урачыстае свята Перамогi будуць адзначаць усе народы былога СССР. А нам, беларусам, трэба ужо сёння пакланiцца той удаве, якая не дачакалася свайго мужа, таму сыну, якi не сустрэў свайго бацьку ў днi вызвалення, воiнам-партызанам, якiя гартавалi гэтую перамогу над ворагамi:
У нас усе бары i ельнiкi –
Музеi славы несмяротнай.
Вы знайце гэта, пераемнiкi
Вялiкай доблесцi народнай.
Вось такое маё разуменне роднага куточка, мацi-Радзiмы. Такая мая любоў да iх.