Урок-гульня ў 1 класе
Тэма: Састаў ліку 6.
Мэты: Азнаёміць з саставам ліку 6;
Практыкаваць у параўнанні лікаў ад 1 да 6;
Рыхтаваць да ўвядзення простай арыфметычнай задачы;
Развіваць увагу, памяць, мышленне;
Выхоўваць цікавасць да ўрока матэматыкі.
Абсталяванне:
набор лічбаў для кожнага вучня, карткі для індывідуальнай работы, набор каляровых палосак для рэфлексіі.
Ход урока
1. Арганізацыйны момант.
Празвінеў і змоўк званок,
Пачынаецца ўрок.
Вы на парты паглядзіце.
Усё ў парадак прывядзіце.
Зараз ціхенька ўсе селі
і на дошку паглядзелі.
2.Актуалізацыя апорных ведаў.
Вусны лік.
1). Гульня “Пакажы адказ.”
Дзеці вусна лічаць і паказваюць толькі адказ прыкладу, які рашылі.
1+ 3, 4 – 2, 3 – 2, 3 + 2, 4 + 1, 2 + 2, 5 – 1, 5 – 2.
2). Гульня “Згубіўся лік.”
На дошцы запісаны рад лікаў: 0, 3, 2. 6, 4, 1.
Давайце прачытаем рад лікаў. Ці ўсё ў парадку? Які лік згубіўся? (5).
Які лік папярэдні ліку 5? А які лік наступны за лікам 5?
Паставім лікі ў парадку ўзрастання. Прачытаем новы рад лікаў.
0, 1, 2, 3, 4, 5, 6.
3.Пастаноўка тэмы ўрока.
Так які лік мы сёння працягнем вывучаць? (6).
1). Адкрыццё новага. Магія ліку.
Піфагор лічыў 6 незвычайным лікам таму, што ён валодае выдатнымі якасцямі: атрымліваецца ў выніку складання або множання ўсіх лікаў, на якія дзеліцца. Шасцёрка дзеліцца на 1, 2, 3, і калі скласці або перамножыць гэтыя лікі, то зноў атрымаецца 6.( 1+ 2 + 3 = 1 • 2 • 3 = 6). Такімі ўласцівасцямі не валодае ні адзін другі лік.
2). Пастаноўка праблемы, мэты ўрока.
Скорагаворка – загадка. “Палічыце, колькі было дзяцей?
Сіма, Соня ды Сямён
Там, дзе сіні-сіні лён.
А Святлана, Ася, Вася –
Дзе капуста разраслася.
Колькі дзяцей налічылі? (6).
4. Вывучэнне новага матэрыялу.
1). Суаднясенне ліку і колькасці прадметаў, праца над саставам ліку 6. Работа па падручніку на стар. 64 і па індывідуальных картках для вучняў. Праверка заданняў.
Фізкультхвілінка.
Раз – падняцца, пацягнуцца,
Два – сагнуцца, разагнуцца,
Тры – у далоні тры хлапкі,
Галавою тры кіўкі.
На чатыры – рукі шырай,
Пяць – рукамі памахаць.
Шэсць – за парту ціха сесць.
2). Састаў ліку 6. Вясёлыя прыклады і задачы ў вершах. Вучні запісваюць прыклады ў сшыткі.
а) Жартавалі: тры ды тры –
Добра атрымаецца.
Але гэты жарт стары
Жартам і канчаецца.
Бо калі вучоба ў нас,
То смяяцца годзе.
Тры ды тры складзі – якраз
Роўна (?) шэсць) выходзіць.
(3 + 3 = 6).
б). Пяць кратоў селі пад плот, яшчэ адзін крот пачаў рыць агарод.
Колькі ўсіх кратоў?
(5 + 1 = 6).
в). Вожык тата ў лес пайшоў
Для сям’і сабраць грыбоў.
Два знайшоў ён пад рабінкай
і чатыры пад асінкай.
Дык колькі тата-вожык
Паклаў грыбоў у кошык?
(2 + 4 = 6).
г). “Каго любіць Насця?”
Расквітнелі ў Насці губы,
Твар азорваюць смяшынкі.
-Больш за ўсіх каго ты любіш?
Запыталіся ў дзяўчынкі.
Быццам сонейка, заззяла
Цакатуха-непаседа.
-Бабу Валю,- адказала,-
-Маму Алу,
-Тату,
-Дзеда,
-З адарванай лапай мішку
-І пра Айбаліта кніжку.
(1 + 1 +1 +1 +1 +1= 6).
д). Прамяняла Праскоўя карася на тры пары пярэстых парасят. Колькі парасят яна купіла? (2 + 2 +2 = 6).
е). Днём вавёрка
Скок з сучка
І знайшла баравічка.
Потым каля сцежкі
Хоп – дзве сыраежкі.
А пасля лісічкі,
Нібы тры сястрычкі,
Колькі ўсіх грыбоў было
Перанесена ў дупло?
(1 + 2 + 3 = 6).
5. Замацаванне вывучанага матэрыялу.
Загадкі:
1). Едзе кошка на шасці ножках,сама сёмая. (Тыдзень).
2). Чорны, ды не воран,
Рагат, ды не бык,
6 ног без капыт,
Ляціць – вые,
Сядзіць – зямлю рые. (Жук).
Гімнастыка для вачэй.
Матылёк у клас наш заляцеў
І на чароўную палачку сеў.
Вы з ім разам палятайце,
З яго вочак не спускайце.
3). Дадатковыя заданні па саставу ліку 6.
Колькі двоек трэба ўзяць, каб атрымаўся лік 6?
(Тры двойкі, бо 2 +2 +2 = 6). Як хутчэй палічыць? (3 + 3 = 6).
Запішы лік 6 трыма рознымі лічбамі ў парадку павелічэння,
злучы іх знакамі дзеяння. (1 +2 +3 = 6).
4). Параўнанне выразаў.
3 + 1 і 6 – 2; 4 – 2 і 2 +2; 4 + 2 і 5 + 1.
5). Задача.
У Каці было 5 сшыткаў, ёй купілі яшчэ 1 сшытак. Колькі
сшыткаў стала ў Каці?
5 + 1 +6 (с)
Адказ: 6 сшыткаў
Аб чым гаворыцца ў гэтай задачы? Што гаворыцца пра
сшыткі? Якая ўмова задачы? Якое пытанне? Якое рашэнне
запішам? Што ў адказе?
6. Падвядзенне вынікаў урока.
Які лік быў галоўным сёння на ўроку? Назаві састаў ліку 6.
7. Рэфлексія.
Які ў цябе настрой? Чаму? Пакажы свой настрой пры дапамозе 6 каляровых палосак. Дзякуй за працу на ўроку!