Урок літаратурнага чытання ў 4 класе
Тэма: Лясная сталоўка працуе без перапынку…
Мэта: пазнаёміць вучняў са зместам твора Васіля .Гурскага “Лясная сталоўка”, удасканальваць навыкі чытання, фарміраваць уменне працаваць з тэкстам, развіваць уменне прагназаваць змест твора па загалоўку, вызначаць тэму і галоўную думку твора, выхоўваць любоў да прыроды, станоўчыя адносіны да жывёл і птушак.
Тып урока: камбінаваны
Абсталяванне: сюжэтныя малюнкі, на якіх адлюстраваны жывёлы і птушкі, зімовыя пейзажы, падручнік “Літаратурнае чытанне” 4 клас, 2 частка А.В.Вольскага, І.А. Гімпель.
Ход урока
1. Арганізацыйны момант.
- Пачынаем урок літаратурнага чытання.Сядайце, калі ласка.
2. Праверка дамашняга задання.
1) Над якім вершам вы працавалі дома? Што трэба было зрабіць?
Раскажыце выразна верш Якуба Коласа “Зіма” на памяць.
2) Якія эпітэты выкарыстоўваў аўтар у гэтым вершы?
3. Работа над новым матэрыялам.
1) Паведамленне тэмы і мэты ўрока.
2) Уступная частка.
• Разгледзьце сюжэтныя малюнкі, на якіх адлюстравана жыццё лясных жывёл і раслін у зімовы перыяд.
• Прачытайце сказы, напісанныя на дошцы.
Цяжкая пара надышла для жыхароў лесу. У прыродзе кожны жывы арганізм па-свойму прыстасоўваецца да зімовых халадоў. (А. Курско).
• Як вы разумееце сэнс гэтых радкоў?
• Пра якія жывыя арганізмы ідзе гаворка ў сказе?
• Раскажыце, як зімуюць травы, дрэвы і хмызнякі.
• Як пераносяць зіму насякомыя?
• Як зімуюць звяры і птушкі?
3) Падрыхтоўка да ўспрымання твора.
• Хто, на ваш погляд, адчувае найбольшыя цяжкасці ў зімовую пару?
(Звяры, якія не ўпадаюць у спячку, птушкі, якія не адлятаюць у вырай).
• Што выступае галоўным ворагам для такіх жывёл? (Голад).
• Чым звяры і птушкі могуць пажывіцца ў зімовым лесе?
• Прачытайце загаловак да твора В.Гурскага “Лясная сталоўка”.
• Пра каго пойдзе ў ім гаворка?
• Для каго працуе лясная сталоўка?
4) Чытанне твора В. Гурскага “Лясная сталоўка”.
5) Фізкультхвілінка.
Дзеці становяцца ў круг. Прапануецца гульня “Птушкі”. Называю птушак. Калі названая мною птушка зімуючая, дзеці садзяцца, а калі названая птушка пералётная, дзеці імітуюць палёт птушак пры дапамозе рук.
Качка,грак,чайка,снягір,крыжадзюб,галка,сініца,дзяцел,бусел,голуб,
верабей,ластаўка,шпак,сарока,жаўранак,варона.
6) Слоўнікавая работа.
Пасак - вузкі доўгі кавалак чаго-небудзь (скуры, тканіны); рэмень, шнурок.
Раскатурхаць - прымусіць прачнуцца.
Абшар - вялікі ўчастак зямлі, шырокі прастор.
Габляваць - апрацоўваць гэблем паверхню драўніны, робячы яе гладкай.
7) Паўторнае чытанне вучнямі твора В. Гурскага “Лясная сталоўка”.
8) Аналіз твора па пытаннях.
1. Што гэта – казка ці апавяданне? Падцвердзіце радкамі з тэксту.
2. Якое надвор’е ўсталявалася ў апісаны аўтарам зімовы перыяд?(Марознае, сцюдзёнае).
3. Якія з’явы прыроды падаюцца ў творы як жывыя істоты?(Мароз, мяцеліца).
4. Каго з лясных жыхароў у гэты дзень голад выгнаў з цёплых нор на мароз?
5. Якім чынам ратаваліся ад голаду і холаду зайцы?
6. Як вы разумееце сэнс выразу “бегалі навыперадкі”?
7. Чым у зімовым лесе харчуюцца зайцы? Падцвердзіце адказ радкамі з тэксту.
8. З якой мэтай вылез на бераг бабёр? Падцвердзіце радкамі з тэксту, што ён асцярожны, палахлівы звер. (Вылез на бераг, паслухаў ціха. Пачуўся шорах – бабёр нырнуў у ваду).
9. Чым ласуюцца ў зімовым лесе ласі? Зачытайце, з чаго складаецца іх абед. Якую шкоду яны наносяць маладым дрэўцам?
10. Хто снедае на другім паверсе?
11. Чым дрэвы вабяць да сябе птушак? Падмацуйце адказ радкамі з твора.
12. Які клопат аб’ядноўвае ўсіх жыхароў лесу? Знайдзіце адказ у тэксце і зачытайце яго. (Хутчэй наесціся, каб сагрэцца і набрацца сілы).
9) Самастойная работа.
Падзяліць тэкст на часткі, падабраць да кожнай загаловак.
1. Дзед Мароз і Мяцеліца.
2. Зайцы шукаюць ежу.
3. Асцярожны бабёр.
4. Ласі ў сталоўцы.
5. Сталоўка на “другім паверсе”.
6. Лясная сталоўка не зачыняецца.
10) Праверка самастойнай работы.
11) Абагульненне ведаў пра зімоўку жывёл.
- Што аўтар напісаў пра зімоўку жывёл?
4. Вынік урока.
- Пра што новае вы даведаліся з апавядання?
- Якая галоўная думка твора?
(Лясная сталоўка працуе без перапынку).
- Як вы дапамагаеце жывёлам і птушкам у зімовы час?
5. Дамашняе заданне.
Падрыхтаваць сціслы пераказ тэксту, скласці вуснае выказванне ад імя адной з пералічаных у творы жывёл на тэму “Зіма – час голаду і холаду”.